17 окт. 2011 г.

З падсветам

Пад вербамі, што нахіляюць
У цемры над вірамі стан,
Над ціхаю вадой палае
Маленькі залаты вулкан.
Смаллё ў жароўне сыпле іскры,
І ціхай рэчкі глыбіня
Святлом няпэўным,алым,чыстым
Праніклася амаль да дна.
Ноч пахне радасна і смутна
Вярбовай горкаю карой,
І нос чаўна плыве нячутна
Над змрочным лесам пад вадой.
І ў гэтым лесе, дзіўным,сінім,
Стаяць забіўшыся ўглыб,
Шырокія тугія спіны
Заснуўшых пад вадою рыб.
Трапечуць багавіння струны,
Рыб клоніць бурштыновы сон...
Замры, падобны да Нептуна,
Трызубец сціснуўшы ў далонь!
Бліжэй! Бліжэй! Як слёзы цёплыя,
Ад жаркіх водбліскаў святла
Чырвоныя падвечкі кропляў
Нячутна падаюць з вясла.
Адзін удар трызубай снасці,
І ў ходзе казачных падзей
Жывое, трапяткое шчасце
Само ў далоні ўпадзе.

У.Караткевіч

Комментариев нет:

Отправить комментарий